Палескімі мясцінамі Песняра

27.10.2017

Палескімі мясцінамі Песняра

27 кастрычніка вучні школы наведалі Пінкавіцкі народны літаратурна-краязнаўчы музей імя Якуба Коласа. І хоць дзеці не першы раз прыязджаюць у музей, але заўсёды з цікавасцю слухаюць экскурсавода і ўважліва разглядаюць экспанаты. Асаблівую ўвагу хлопчыкаў і дзяўчынак прыцягвае першы пакой “Хата палешука”. Прыемна адзначыць, што сучасныя дзеці не толькі ведаюць назвы рэчаў, якімі карысталіся нашы продкі, але і могуць растлумачыць, з чаго яны зроблены і як імі карыстацца. Экспазіцыя другой залы прысвечана жыццю паэта на Палессі. Жанна Мікалаеўна паказала экспанаты, якія падарыла музею ўнучка Якуба Коласа – Марыя Міхайлаўна Міцкевіч: дзве кнігі “Доўгая дарога ад дома Янкі Маўра да дома Якуба Коласа” і “Вобразы мілыя роднага краю”, а таксама арыгінальныя фотаздымкі сям’і Міцкевічаў. Экскурсія прайшла жыва, эмацыянальна. Дзеці не толькі слухалі, але і дзяліліся сваімі ведамі, задавалі пытанні, з задавальненнем праспявалі народную песню “Чаму ж мне не пець”. А на развітанне Жанна Мікалаеўна падрыхтавала вучням смачны гасцінец. З добрым настроем дзеці вярнуліся дамоў.